Працаўнікі Глусскага лясгаса прыймалі ўдзел у рэспубліканскім семінары-нарадзе па ахове працы, які прайшоў на базе Бабруйскага лясгаса.
Тэма двухдзённага семінара — узаемадзеянне наймальніка і прафсаюзнага камітэта па забеспячэнні здаровых і бяспечных умоў працы.
На базе Прыбярэзінскага і Бабруйскага лясніцтваў удзельнікі мерапрыемства пазнаёміліся з работай Бабруйскага лясгаса ў цэлым і з арганізацыяй і правядзеннем грамадскага кантролю ў лясніцтвах. Наведалі цэх дрэваапрацоўкі “Скачок” Бабруйскага лясгаса ў Кіраўскім раёне, пацікавіліся, як там арганізаваны і праводзіцца грамадскі кантроль.
— Асноўная задача нашага мерапрыемства — папярэдзіць вытворчы траўматызм, — адзначыла старшыня Беларускага прафсаюза работнікаў лесу і прыродакарыстання Часлава Гоева. — Сёння мы ўсё для гэтага маем: на прадпрыемствах галіны з кожным годам становіцца меней ручной працы, болей — механізаванай, укараняюцца новыя тэхналогіі, працаўнікі забяспечваюцца сучасным спецадзеннем, на якое выдаткоўваюцца вялікія сродкі. Між тым, трэба прызнаць, што ў выпадках траўматызму здараецца і віна наймальніка. Таму наша, прафсаюза, роля сёння — грамадскі кантроль за выкананнем заканадаўства аб ахове працы. Для ажыццяўлення гэтага маем “вялікую армію” грамадскіх інспектараў — каля 700 чалавек толькі ў лясной гаспадарцы. Ставім сабе задачу — разам з наймальнікам выбудаваць работу так, каб траўматызму ўвогуле не было.